Старонка:Апошні з магікан.pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

шэннай істоты; але Хейвард супакоіў маладых дзяўчат, сказаўшы ім, што гэта толькі іх правадвік Чынгачгук. Прыўзняўшы другую заслону, індзеец паказаў, што ў пячоры быў яшчэ і другі выхад. Потым, трымаючы ў руках палаючую галіну, ён праслізнуў праз вузкі праход у скале ў другую пячору, зусім падобную да першай.

— Такіх старых лісаў, як мы з Чынгачгукам, не часта ловяць у нары з адным выхадам, — са смехам заўважыў Сакалінае Вока. — Гэта выдатнае месца! Скалы — чорны вапняк, як вядома, вельмі мяккая парода. Раней вадапад спадаў на некалькі ярдаў ніжэй, чым цяпер, і, думаю, у свой час меў такую-ж спакойную і прыгожую водную паверхню, якую вы сустракаеце ў лепшых месцах Гудзона. Мясцовасць гэтая вельмі змянілася з цягам часу. У скалах і кручах з’явілася вялікая колькасць шчылін. У адных месцах каменні мякчэй, чым ў другіх, і вада прамыла ў іх вялікія выбоіны; адны скалы паваліла, другія паламала, і цяпер вадапады не маюць ні прыгожасці, ні сілы.

— Дзе-ж мы знаходзімся? — запытаў Хейвард.

— Паблізу таго месца, дзе калісьці спадаў вадапад. З абодвух бакоў ад нас парода аказалася мяккай, таму мяцежная вада вырыла вось гэтыя дзве маленькія пячоры, зрабіўшы для нас выдатны прытулак, і адхлынула ўправа і ўлева, агаліўшы сярэдзіну свайго рэчышча, якое стала сухім астраўком.

— Значыць, мы на востраве?