Старонка:Апошні з магікан.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Але ў такім выпадку нам давялося-б замяніць ваяўнічых людзей бяздзейнымі сябрамі. Я чуў, што дэлавары кінулі тамагаукі і баяцца вайны, як палахлівыя жанчыны.

— Так, сорам галандцам[1] і іракезам, якія шляхам сваіх чартоўскіх хітрасцей прымусілі іх заключыць такі саюз. Але я ведаю дэлавараў дваццаць гадоў і назаву ілгуном усякага, хто скажа, што ў жылах у дэлавара цячэ кроў баязліўцаў. Вы адціснулі гэтыя плямёны ад марскіх берагоў, а цяпер гатовы верыць іхным ворагам, якія паклёпнічаюць на іх, каб вы маглі спакойна спаць.

— Ва ўсякім выпадку я вельмі добра бачу, што вашы таварышы — храбрыя і асцярожныя воіны. Скажыце, ці не паспеў хто-небудзь з іх заўважыць ворагаў або даведацца аб чым-небудзь пра іх?

— Індзейца раней пачуеш, а потым убачыш, — адказаў Сакалінае Вока, падымаючыся на скалу і скідваючы на зямлю забітага аленя. — Выследжваючы мінгаў, я давяраю не вачам.

— А слух не гаворыць вам, што яны трапілі на шлях да нашага сховішча?

— Мне было-б вельмі сумна думаць, што гэта здарылася, хоць месца нашай стаянкі можа з’явіцца вельмі добрай крэпасцю для мужных і смелых людзей. Між іншым, не ўтаю, што, калі я праходзіў міма коней, яны дрыжалі і туліліся, нібы адчуваючы набліжэнне ваўкоў, а ваўкі часта гайсаюць паблізу засады індзейцаў, спадзеючыся пажывіцца рэшткамі мяса забітых аленяў.

  1. Н’ю-Йорк спачатку быў галандскай калоніяй.