Старонка:Апошні з магікан.pdf/475

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ункас астаўся амаль адзін, бо, жадаючы і далей праследаваць ворагаў, разаслаў бадай усіх сваіх воінаў. Але ён забыўся на ўсякую асцярожнасць, калі ўбачыў фігуру Хітрай Лісіцы. Ён выгукнуў баявы кліч, на які яму адказалі шэсць-сем воінаў, і рынуўся на ворага, не звяртаючы ўвагі на малую колькасць свайго атрада. Магуа, які ўважліва сачыў за ім, спыніўся, са злоснай радасцю рыхтуючыся сустрэць напад. Але ў той момант, калі ён думаў, што неабдуманы рух перадасць палкага ворага ў яго рукі, пачуўся зноў баявы кліч, і на падмогу Ункасу кінуўся Сакалінае Вока з усімі сваімі белымі воінамі. Гурон зараз-жа адступіў і пачаў шпарка падымацца ўверх па касагору.

Не час быў вітаць або віншаваць адзін аднаго. Ункас, не ведаючы аб прысутнасці сваіх сяброў, па-ранейшаму праследаваў ворагаў з быстрынёй ветру. Дарэмна Сакалінае Вока крычаў яму, каб ён асцерагаўся засады; малады магікан не звяртаў увагі на непрыяцельскі агонь і прымусіў ворага ўцякаць таксама-ж імкліва, як бег ён сам. Неўзабаве праследваемыя і праследавальнікі на невялікай адлегласці адзін ад аднаго ўвайшлі ў паселішча вейандотаў.

Узрушаныя выглядам сваіх хацін, хоць і стомленыя праследаваннем, гуроны спыніліся ля хаціны нарад і пачалі біцца з шалёнай злосцю роспачы. Напад дэлавараў быў падобным да ўрагану, які нясе з сабой разбурэнне. Тамагаук Ункаса, стрэлы Сакалінага Вока, цвёрдая яшчэ рука Мунро — усё было пушчана ў справу, і зямля неўзабаве была пакрыта трупамі іх ворагаў. Але