Старонка:Апошні з магікан.pdf/405

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прывітаннямі. Потым дэлавар запрасіў госця ўвайсці ў хаціну і паснедаць з ім. Запрашэнне было прынята, і абодва воіны спакойна пайшлі, праведзеныя трымя-чатырмя старымі, пакінуўшы астатніх, якіх мучыла жаданне дазнацца аб прычынах такога надзвычайнага наведвання. Аднак, яны не выявілі свайго нецярпення ні адзіным жэстам, ні словам.

Гутарку на працягу кароткага, скромнага снедання вялі з надзвычайнай асцярожнасцю; размаўлялі толькі пра здарэнні на паляванні, у якім нядаўна прымаў удзел Магуа. А між тым кожны вельмі добра ведаў, што наведванне гэтае павінна мець якую-небудзь патаемную мэту і вялікае значэнне для іх племя. Калі апетыты былі задаволены, а жанчыны прыбралі рэшткі яды і гарбузы з напіткамі, абодва бакі падрыхтаваліся да слоўнага паядынку.

— Ці павярнуў мой вялікі канадскі бацька зноў свой твар да яго дзяцей, гурон? — запытаў прамоўца дэлавараў.

— Хіба было калі-небудзь інакш? — адказаў Магуа. — Ён называе мой народ «самым любімым».

Дэлавар урачыста нахіліў галаву, як быццам згаджаючыся з тым, што ён лічыў заведамай хлуснёй, і гаварыў далей:

— Тамагаукі вашых воінаў былі вельмі чырвоныя!

— Так было раней; але цяпер яны бліскучыя і тупыя, бо інгізы мёртвыя, а дэлавары — нашы суседзі.