Старонка:Апошні з магікан.pdf/406

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Правадыр адказаў на гэты ўціхамірваючы камплімент толькі рухам рукі і, як і да таго, маўчаў. Тады Магуа, як быццам успомніўшы аб нечым пры спаміне пра разню, запытаў:

— Ці не турбуе мая палонная маіх братоў дэлавараў?

— Мы рады ёй.

— Шлях паміж гуронамі і дэлаварамі кароткі і вольны; прышлі яе да маіх жанчын, калі яна турбуе майго брата.

— Мы рады ёй, — запярэчыў правадыр дэлавараў больш рашуча, чым першы раз.

Магуа маўчаў на працягу некалькіх хвілін, як відаць, раўнадушны да таго, што першая спроба вярнуць Кору не мела поспеху.

— Ці пакідаюць мае воіны дэлаварам месцы для палявання ў горах? — сказаў ён пасля некаторага маўчання.

— Ленапы — гаспадары ў сваіх уласных горах, — адказаў правадыр крыху высокамерна.

— Гэта добра. Справядлівасць кіруе ўчынкамі чырвонаскурых! Навошта ім чысціць тамагаукі і вастрыць нажы адзін на аднаго? Хіба мала тут бледнатварых?

Магуа пачакаў крыху, каб словы яго маглі падзейнічаць памякчаючым чынам на дэлавараў, і потым дадаў:

— Ці не бачылі мае браты слядоў чужых макасінаў у лясах? Ці не нападалі яны на сляды белых людзей?