Старонка:Апошні з магікан.pdf/389

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нецярплівы рух Давіда мог выдаць іх, а выгадаць час было неабходна. Моцныя крыкі мнімага спевака псалмоў прыцягнулі шмат каго з дапытлівых, якія сачылі за праходзіўшымі, стоячы ля парога сваіх хацін; разы два-тры ім перасякалі дарогу некаторыя з воінаў, падбіваемых забабонамі або асцярожнасцю. Але ніхто не спыняў іх; цемра ночы і дзёрзкасць учынку спрыялі іх хітрасці.

Бегляцы ўжо выбраліся з паселішча і шпарка набліжаліся да густога лесу, калі з хаціны, дзе раней знаходзіўся ў палоне Ункас, пачуўся працяглы моцны крык. Магікан уздрыгануўся, і ўся яго калматая вопратка затраслася, нібы жывёла якую ён сабой уяўляў, рыхтавалася зрабіць нейкае адважнае намаганне.

— Пачакай! — сказаў разведчык, хапаючы сябра за плячо. — Няхай яны крыкнуць яшчэ раз! Гэта быў толькі крык здзіўлення!

Марудзіць не даводзілася, бо ў наступны момант новы выбух крыкаў напоўніў паветра і разнёсся па ўсім лагеры. Ункас скінуў з сябе мядзвежую скуру. Сакалінае Вока злёгку ўдарыў яго па плячы і праслізнуў наперад.

— Ну, няхай цяпер д’яблы гоняцца па нашых слядах! — сказаў разведчык, вымаючы з куста дзве зараджаныя стрэльбы; размахваючы над галавой «аленебоем», ён даў Ункасу яго стрэльбу. — Па крайняй меры двое з іх знойдуць сваю смерць.

Яны апусцілі свае стрэльбы, як робяць гэта паляўнічыя, рыхтуючыся да пачатку дзеянняў, кінуліся наперад і неўзабаве зніклі ў цемры лесу.