Старонка:Апошні з магікан.pdf/390

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАЗДЗЕЛ XXVII

Дапытлівасць дзікуноў, якія асталіся ля цямніцы Ункаса, перамагла іх страх перад чараўніком.

Асцярожна падкраліся яны да шчыліны, праз якую прабівалася слабае святло агню. На працягу некалькіх хвілін яны прымалі Давіда за свайго палоннага; але затым здарылася іменна тое, што прадбачыў Сакалінае Вока. Спявак, стомлены тым, што доўга сядзеў скурчыўшыся, паступова стаў выцягваць свае ногі, і, нарэшце, адна з ног яго дакранулася да патухаўшых вугалляў і адкінула іх убок. Спачатку гуроны падумалі, што гэта сіла чараўніцтва так знявечыла магікана. Але калі Давід, не падазраючы, што за ім назіраюць, павярнуў галаву і паказаў свой прастадушны, пакорлівы твар, усякія сумненні рассеяліся нават у лёгкаверных дзікуноў. Яны ўбеглі ў хаціну і, накінуўшыся без усякай цырамоніі на чалавека, які там сядзеў, зараз-жа ўбачылі ашуканства. Тады яны ўзнялі першы крык, які пачулі бегляцы. За ім пачуўся люты выбух помсты. Якім цвёрдым ні быў Давід у сваім намеру прыкрыць уцёкі сваіх сяброў, ён усё-ж падумаў, што надышоў апошні момант яго жыцця. У яго не было ні кнігі, ні камертона; давялося звярнуцца да памяці, якая рэдка падводзіла яго ў падобных выпадках. Гучным, поўным натхнення голасам ён заспяваў першыя вершы пахавальнага псалма, каб падрыхтаваць сябе да пераходу ў іншы свет. Індзейцы своечасова ўспомнілі пра