Старонка:Апошні з магікан.pdf/347

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мінуту абодва гэтыя воіны з смелаю і неўціхаміранаю душою цвёрда глядзелі адзін аднаму ў вочы, і ні той, ні другі не адчуваў ніякага замяшання перад лютым позіркам праціўніка. Фігура Ункаса зрабілася нібы яшчэ большай, а ноздры яго расшырыліся, як ноздры загнанага звера, які падрыхтаваўся да адважнай абароны; але такой цвёрдай і непахіснай была яго поза, што ўяўленню гледачоў няцяжка было-б ператварыць яго ў выдатную фігуру бога вайны яго племя. Ахопленыя ўздрыгамі рысы твара Магуа аказаліся менш паслухмянымі; задзёрысты выраз змяніўся выразам злараднасці, і ён гучна вымавіў грознае імя:

— Быстраногі Алень!

Усе воіны ўскочылі на ногі, калі было вымаўлена гэтае добра ім вядомае імя, і на некаторы час здзіўленне перамагло стаічны спакой індзейцаў. Ненавіснае і тым не менш паважанае імя было паўторана воінамі аднагалосна і прагучэла нават за межамі хаціны. Жанчыны і дзеці, якія чакалі ля ўваходу ў хаціну, падхапілі яго дружным водгуллем, за якім пачулася праразлівае і жаласнае выццё.

Гэтае выццё не сунялося яшчэ канчаткова, калі ўзрушэнне мужчын ужо зусім прайшло. Усе зноў селі на свае месцы, нібы саромячыся свайго хвалявання, але прайшло яшчэ многа часу, перш чым выразныя позіркі пакінулі накіроўвацца на палоннага; усе з дапытлівасцю разглядалі воіна, які так часта даказваў сваю доблесць у бітвах з гуронамі.