Старонка:Апошні з магікан.pdf/340

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

то на адным, то на другім з людзей, ад якіх залежаў яго лёс. Ганарлівасць у апошні момант перамагла. Ён устаў і, агаліўшы грудзі, цвёрда зірнуў на востры бліскучы нож, які ўжо быў занесены над ім няўмольным суддзёй. Ён нават усміхнуўся, калі зброя пракалола яго сэрца, нібы радуючыся, што смерць аказалася менш страшнай, чым ён думаў, і цяжка паваліўся ніцма да ног Ункаса, які па-ранейшаму стаяў сурова і непахісна.

Жанчына ўскрыкнула і, загасіўшы факел аб зямлю, напоўніла хаціну змрокам. Натоўп гледачоў паспешна пакінуў месца суда, і Дункану здалося, што ў хаціне не асталося нікога, апрача яго і дрыглівага цела гурона.


РАЗДЗЕЛ XXIV

Але ўжо ў наступны момант Дункан пераканаўся ў сваёй памылцы. Цяжкая рука апусцілася на яго плячо, і ён пачуў ціхі голас Ункаса, які шаптаў яму на вуха:

— Гуроны — сабакі. Відовішча крыві не запалохае воіна. Сівая галава і Сагамор непашкоджаныя, і карабін Сакалінага Вока не спіць. Ідзі, Ункас і Шчодрая Рука не ведаюць адзін аднаго. Даволі.

Хейвард быў-бы рад пачуць больш, але лёгкі штуршок рукі сябра прымусіў яго накіравацца да дзвярэй і напомніў яму пра небяспеку, якую магла выклікаць іх гутарка, калі-б яна была заўваўжана. Павольна і неахвотна саступаючы неабходнасці, ён пакінуў хаціну і перамяшаўся з натоў-