Старонка:Апошні з магікан.pdf/339

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жанчына адышла ад Ункаса і асвятліла сваёй галавешкай твар баязлівага гурона.

Гурон насіў баявую расфарбоўку. Адзенне ледзь прыкрывала яго выдатна складзеную фігуру. Пры святле факела ён быў ясна відзён увесь, з галавы і да ног. Дункан з пачуццём жаху адвярнуўся, убачыўшы, як сударгава траслося яго цела. Жанчына, убачыўшы гэтае сумнае і ганебнае відовішча жаласна ўскрыкнула, але ў гэты час правадыр, працягнуўшы наперад руку, ціха адстараніў яе.

— Хісткае Трысцё, — сказаў ён, звяртаючыся да маладога злачынца на яго роднай мове і называючы яго па імю, — хоць Вялікі Дух даў табе прывабны вонкавы выгляд, тым не менш было-б лепш, калі-б ты не нарадзіўся на свет. Твой голас моцна гучыць у вёсцы, у баі-ж яго не чуваць. Ні адзін з маіх маладых воінаў не ўсаджвае тамагаука глыбей, чым ты, у слуп для ваенных практыкаванняў. Але непрыяцель ведае, як выглядае твая спіна, і ніколі не бачыў, якога колеру твае вочы. Тры разы выклікалі цябе на бой, і тры разы ты забываўся даць адказ. Тваё імя ніколі не будуць вымаўляць людзі твайго племя — яно ўжо забытае.

У той час як правадыр казаў гэтыя словы, спыняючыся пасля кожнага сказа, каб узмацніць іх уражанне, злачынец з павагі да яго рангу і ўзросту падняў галаву.

Выраз сораму, жаху і ганарлівасці бесперапынна змяняліся на яго твары. Вочы, якія звузіліся ад душэўнай пакуты, блукалі, спыняючыся