Старонка:Апошні з магікан.pdf/337

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Семь начэй і столькі-ж летніх дзён я пасціў, праследуючы гуронаў, — холадна запярэчыў Ункас. — Дзеці ленапаў умеюць ісці праўдзіваю дарогаю, не сумуючы па ядзе.

— Двое маіх воінаў праследуюць твайго таварыша, — казаў далей правадыр, не звяртаючы ўвагі на хвальбу палоннага. — Калі яны вернуцца назад, нашы старэйшыны скажуць табе: жыць або памерці.

— Хіба ў гурона няма вушэй? — пагардліва ўсклікнуў Ункас. — Два разы з таго часу, як дэлавар стаў вашым палонным, ён чуў стрэл з знаёмай яму стрэльбы. Вашы воіны ніколі не вернуцца назад.

За гэтым смелым сцвярджэннем надышоў кароткі і пануры перапынак. Дункан, які разумеў, што магікан намякае на фатальную стрэльбу разведчыка, нахіліўся наперад, уважліва назіраючы за ўражаннем, якое гэты намёк мог зрабіць на пераможцаў, але правадыр задаволіўся простым супярэчаннем:

— Калі ленапы такія лоўкія, то чаму адзін з іх храбрэйшых воінаў знаходзіцца тут?

— Ён ішоў па пятах за ўцякаўшым баязліўцам і трапіў у лавушку. Мудры бобр, і той можа быць злоўлены.

Кажучы так, ён паказаў пальцам на гурона, які сядзеў збоку. Позіркі ўсіх сярод агульнага маўчання накіраваліся на гэтага чалавека і ціхі пагражальны шэпт пранёсся па натоўпу. Злавесныя гукі прыцягнулі ў хаціну жанчын і дзяцей;