Старонка:Апошні з магікан.pdf/333

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Паслухай, дэлавар! — сказала яна, шчоўкаючы пальцамі перад яго тварам. — Ваша племя — бабскае племя, і лапата больш падыходзіць да вашых рук, чым стрэльба. Вашы жанчыны — маткі аленяў, і калі-б мядзведзь або дзікая кошка, або змяя нарадзілася паміж вамі, мы кінуліся-б на ўцёкі. Гуронскія дзяўчаты пашыюць табе спадніцу, а мы знойдзем табе мужа.

Гэтая выхадка выклікала выбух дзікага смеху, у часе якога больш далікатныя і музычныя галасы маладых жанчын дзіўным чынам змешваліся з хрыплым голасам іх старой сяброўкі. Але незнаёмы быў вышэй усіх гэтых здзекаў. Ён нібы не заўважаў, што абкружаны ворагамі. І толькі аднойчы яго ганарысты позірк накіраваўся на воінаў, маўклівых і панурых сведак гэтай сцэны.

Даведзеная да шаленства самаўладаннем палоннага, жанчына ўзяўшыся ў бокі і, прыняўшы задзёрыстую позу, зноў пачала ліць патокі лаянкі. Аднак, яна дарэмна траціла свой запал. Хоць старая славілася сярод сваіх супляменнікаў надзвычайным уменнем лаяцца і дайшла да такой ступені шаленства, што пена выступіла ў яе на губах, ні адзін мускул не дрогнуў на нерухомым твары незнаёмага. Дзеянне, ствараемае яго раўнадушшам, пачало распаўсюджвацца і на гледачоў. Нейкі юнак, які ледзь вышаў з хлапчукоўскага ўзросту, паспрабаваў быў дапамагчы ведзьме. Размахваючы тамагаукам перад тварам афяры, ён далучыў да яе лаянкі свае недарэчныя выхвальныя словы. Палонны павярнуў твар да святла і паглядзеў на юнака зверху ўніз з выразам край-