Старонка:Апошні з магікан.pdf/332

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чараваўся ў сваім чаканні відовішча смяротнай кары. З прычыны дапытлівасці або, быць можа, іншага, больш благароднага пачуцця, Дункан наблізіўся да незнаёмага. Апошні стаяў, абхапіўшы адною рукой слуп, што рабіў яго недакранальным, і дыхаў цяжка і з вялікім намаганнем пасля перанесенай ім напружанасці, але ні адным жэстам не выяўляў адчуваемых ім пакут. Ён быў цяпер пад заступніцтвам свяшчэннага звычаю да таго часу, пакуль племя на сваёй нарадзе не абмяркуе і не вырашыць яго лёсу. Аднак, няцяжка было прадбачыць вынікаў гэтай нарады.

Не было такой лаянкі ў слоўніку гуронаў, якой расчараваныя жанчыны не кінулі-б у твар незнаёмаму. Яны насміхаліся над яго намаганнямі, казалі яму, што яго ногі лепш за яго рукі, што яму трэба было-б мець крыллі, бо ён не знаёмы з ужываннем лука і нажа. На ўсе гэтыя знявагі палонны не адказваў ні адзіным словам; яго твар выяўляў толькі пачуццё ўласнай вартасці і пагарды. Лаянка жанчын рабілася ўсё больш бяссэнснай і суправаджалася праразлівым, рэзкім выццём. Жанчына, якая прадбачліва запаліла кучы галля, праціснулася праз натоўп і ачысціла сабе месца перад слупом, ля якога стаяў незнаёмы. Агідная, высахлая фігура гэтай жанчыны мімаволі наводзіла на думку аб тым, што гэтая жанчына — чараўніца. Гэтай рэпутацыяй яна і карысталася сярод свайго племя. Адкінуўшы назад сваё лёгкае адзенне, яна з насмешкай выцягнула кастлявую руку і, гаворачы на мове ленапаў, пачала свае здзекі.