Старонка:Апошні з магікан.pdf/330

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Фігуры на заднім плане былі падобны на нейкія здані, што слізгаюць перад вачыма і рассякаюць паветра шалёнымі, бяссэнснымі жэстамі; зверскія інстынкты дзікуноў, якія прабягалі міма палаючых вогнішчаў, са страшнай выразнасцю выяўляліся на іх узрушаных тварах.

Зусім зразумела, што бяглец пасярод такога шматліката натоўпу пераможных ворагаў не меў магчымасці хоць крыху адпачыць. Быў адзін момант, калі здавалася, што ён дасягнуў лесу, але цэлы натоўп яго ворагаў забег яму наперарэз і пагнаў яго назад, у самую гушчу бязлітасных праследавальнікаў. Крута павярнуўшы ўбок, з быстрынёй стралы, пушчанай з лука, бяглец панёсся да вогнішча, адным скачком пераскочыў цераз слуп полымя і, бясшкодна мінуўшы цэлы натоўп праследавальнікаў, паказаўся на процілеглым баку прасекі. Але і тут яго сустрэлі і прымусілі павярнуць назад. Тады ён яшчэ раз зрабіў спробу прарвацца праз натоўп, нібы шукаючы саюзніка. Затым паследавала некалькі хвілін, на працягу якіх Дункан лічыў лоўкага і мужнага юнака загінуўшым.

Нічога нельга было адрозніць, апрача цёмных чалавечых фігур, якія насіліся па ўсіх напрамках у шалёным перапалоху. У паветры мільгалі ўзнятыя рукі, бліскучыя нажы і страшныя дубіны, але ўдары падалі, як відаць, наўдачу. Праразлівыя крыкі жанчын і лютае выццё воінаў яшчэ больш узмацнялі жахлівае ўражанне ад гэтай сцэны. Часамі Дункану ўдавалася ўлавіць позіркам лёг-