Старонка:Апошні з магікан.pdf/329

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

як герой; галава другога была апушчана на грудзі, нібы ён быў паралізаваны жахам або прыгнечаны сорамам. Дункан адчуў прыліў сімпатыі да першага з іх. Ён пільна назіраў за ўсімі, нават самымі нязначнымі, рухамі незнаёмага. Углядаючыся ў абрысы яго на дзіва прапарцыянальна складзенай гнуткай фігуры, Дункан стараўся пераканаць сябе, што малады палоннік павінен выйсці пераможцам са страшнага іспыту, які чакаў яго. Непрыкметна для самога сябе малады чалавек наблізіўся да цёмных радоў гуронаў і з цікавасцю, затаіўшы дыханне, чакаў відовішча. Пачуўся страшны крык: то быў сігнал. Умомант мёртвая цішыня змянілася выбухам крыкаў, якія далёка перавышалі па сіле ўсё чутае раней. Палонны агіднага вонкавага выгляду астаўся нерухомым; другі-ж, пачуўшы крык, сарваўся са свайго месца з жвавасцю і быстрынёй аленя. Замест таго, каб бегчы сярод радоў ворагаў, як гэтага чакалі, ён толькі ступіў у вузкі праход і, раней чым хто-небудзь паспеў нанесці яму ўдар, крута павярнуў назад і, пераскочыўшы цераз голавы натоўпу дзяцей, адразу апынуўся на надворным, менш небяспечным баку грозных радоў. Гэтая хітрасць была спаткана праклёнамі сотні галасоў, і ўвесь узбуджаны натоўп, пакінуўшы рады, у дзікім беспарадку рассеяўся па паляне.

Дзесятак палаючых куч галля асвятляў сваім злавесным святлом мясцовасць, якая была падобна да нейкай пякельнай, фантастычнай арэны, дзе сабраліся злыя духі для выканання сваіх крывавых і паганых абрадаў.