Старонка:Апошні з магікан.pdf/327

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

крычалі, другія з шалёнай радасцю пляскалі рукамі, — адным словам, усе выказвалі дзікую радасць з прычыны нейкай неспадзяванай падзеі. Дункан, аглушаны спачатку крыкамі, хутка зразумеў прычыну гэтага радаснага ўзбуджэння.

Святла з неба было яшчэ дастаткова для таго, каб можна было бачыць яркія прасветы паміж верхавінамі дрэў там, дзе некалькі сцежак вялі ў глыбіню пустыні. На адной з гэтых сцежак паказалася група воінаў, якія павольна ішлі да жылля.

Адзін з іх, што ішоў наперадзе, нёс кароткую жэрдку, на якой, як выявілася потым, вісела некалькі чалавечых скальпаў. Дзіўныя крыкі, якія чуў Дункан, былі тым, што белыя даволі трапна называюць «клічам смерці», і кожнае паўтарэнне гэтага крыку мела мэтай абвясціць племю аб лёсе ворага. Да гэтага часу веды, якія меў Хейвард пра жыццё індзейцаў, дапамагалі яму разумець сэнс таго, што адбывалася перад яго вачыма. Паколькі ён ведаў, што перапынак у яго гутарцы з індзейцамі адбыўся дзякуючы звароту пераможнага вайсковага атрада, то зусім супакоіўся і ў душы павіншаваў сябе з нечаканым паляпшэннем свайго становішча, бо індзейцы, вядома, забыліся на яго.

Воіны, якія прышлі, спыніліся на адлегласці некалькіх сот футаў ад жылля. Іх жаласныя, страшныя крыкі, якія апавяшчалі адначасова аб сумным лёсе забітых і аб трыумфе пераможцаў, змоўклі. Адзін з воінаў моцна пракрычаў нейкія словы, у якіх, як відаць, не было нічога страш-