Старонка:Апошні з магікан.pdf/328

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нага, але зразумець іх было таксама-ж цяжка, як і ранейшыя шалёныя крыкі. Немагчыма даць правільнае ўяўленне аб дзікім захапленні, з якім была прынята паведамленая навіна. Увесь лагер у адзін момант зрабіўся арэнай самай вар’яцкай мітусні і перапалоху. Воіны выхаплялі свае нажы і, размахваючы імі, пастроіліся ў дзве лініі, між якім аставаўся праход, што цягнуўся ад толькі што прыбыўшага атрада да хацін. Жанчыны схапілі дубіны і сякеры і ў сваю чаргу накіраваліся да радоў індзейцаў, каб прыняць удзел у жахлівай гульні, якая павінна была зараз пачацца. Нават дзеці не з’яўляліся выключэннем; хлопчыкі выцягнулі тамагаукі з-за паясоў сваіх бацькоў і пракраліся ў рады, пераймаючы варварскія звычаі сваіх бацькоў.

Каля краю лесу былі раскіданы вялікія вязкі галля; пажылая жанчына падпальвала іх. Пры святле ўспыхваўшага полымя пабляднела святло дагараючага дня, абрысы ўсіх прадметаў зрабіліся ў адзін і той-жа час і больш выразнымі і больш страшнымі. Уся сцэна нагадвала сабой дзіўную карціну, рамкай якой з’яўлялася цёмная і высокая кайма з хвой. На самым аддаленым фоне гэтай карціны былі відаць фігуры толькі што прыбыўшых воінаў. Крыху спераду стаялі двое мужчын, якія, як відаць, павінны былі разыграць галоўную ролю ў відовішчы, якое мела быць. Святло вогнішча было недастаткова моцным для таго, каб можна было разгледзець іх абліччы. Аднак, было відаць, што адзін з іх стаіць цвёрда і проста, гатовы сустрэць свой лёс,