Старонка:Апошні з магікан.pdf/296

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трэба пачаць з крыніцы і прайсці ўсю мясцовасць дзюйм за дзюймам. Няхай гурон не выхваляецца ў сябе ў племі, што ў яго нага, якая не пакідае сляда.

Разведчык сам паказаў прыклад і ўзяўся за справу з падвоенай стараннасцю. Ні адзін ліст не астаўся некранутым. Было паднята ўсё галлё, зрушаны ўсе каменні. Вядома, што індзейцы часта ўжываюць гэтыя прадметы, з надзвычайнай цярплівасцю і лоўкасцю прыкрываючы імі свае сляды. Але ўсё было дарэмна. Нарэшце, Ункас, які скончыў раней за ўсіх сваю частку работы, стаў капаць зямлю вакол мутнага ручайка, што выцякаў з крыніцы і накіраваў яго цячэнне па іншаму рэчышчу. Як толькі высахла вузкае рэчышча пад плацінай, Ункас нахіліўся і стаў разглядаць яго праніклівым, вострым позіркам. Радасны крык зараз-жа апавясціў удачу маладога воіна. Усе кінуліся да гэтага месца, і Ункас паказаў адбітак макасіна на сырой наноснай зямлі.

— Хлапец прынясе славу свайму народу і шмат клопатаў гуронам, — сказаў Сакалінае Вока, гледзячы на след з такім зачараваннем, з якім паглядзеў-бы любы натураліст на клык маманта або рабро мастадонта. — Але гэта не след індзейца! Нага занадта абапіраецца на пяту, і наскі празмерна чатырохвугольныя, нібы які-небудзь французскі танцор падбадзёрваў сваіх супляменнікаў! Бяжы назад, Ункас, і прынясі мне мерку нагі спевака. Ты знойдзеш выдатны адбітак яе якраз насупроць вунь той скалы.

Пакуль юнак выконваў даручэнне, разведчык і