Старонка:Апошні з магікан.pdf/295

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і, пакуль тыя раіліся між сабой, юнак з’явіўся зноў, вядучы двух кабыл з паломанымі сёдламі і перапэцканымі папонамі; як відаць, яны бегалі на волі на працягу некалькіх дзён.

— Што гэта значыць? — запытаў Дункан, бляднеючы і азіраючыся навакол, нібы баючыся, што кусты і лісцё выдадуць зараз нейкую жахлівую тайну.

— Гэта значыць, што наша падарожжа падыходзіць к канцу, — адказаў разведчык. — Калі-б нягодніка праследавалі і слабым жанчынам нехапала коней, каб не адстаць ад атрада, Магуа мог-бы скальпіраваць палонніц; але калі непрыяцель не ідзе па пятах, Магуа не закране валаска на іх галовах. Той, хто думае, што мінг можа дрэнна абыходзіцца з жанчынай, не ведае ні індзейцаў, ні закона лясоў. Праўда, коні тут, але гуроны пайшлі адсюль; трэба шукаць дарогу, па якой яны накіраваліся.

Сакалінае Вока і магікане палка ўзяліся за справу. Правялі круг у некалькі сот футаў у папярочніку, і кожны з членаў атрада ўзяў на сябе абавязак даследаваць пэўную частку яго. Але даследаванне не дало ніякіх вынікаў. Слядоў ног было многа, але, здавалася, яны належалі людзям, якія блукалі вакол гэтага месца, не маючы намеру пайсці ад яго. Разведчык і яго таварышы яшчэ раз абышлі вакол стаянкі, ідучы адзін за адным, і апынуліся яшчэ раз у цэнтры, не выявіўшы нічога новага.

— Што за д’ябальская хітрасць! — усклікнуў разведчык. — Мы павінны дабіцца толку, Сагамор;