Старонка:Апошні з магікан.pdf/277

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Навошта гэты патаемны паспешны ад’езд? — запытаў ён нарэшце.

— Калі-б кроў онеіды магла афарбаваць такую прастору чыстай вады, як тую, па якой мы плывем, — адказаў разведчык, — вашы вочы самі адказалі-б на гэтае пытанне.

— Але-ж вы казалі, што ён адзін, а мерцвякоў няма чаго баяцца.

— Так, ён быў адзін у сваёй д’ябальскай справе! Але індзейцу рэдка даводзіцца баяцца, што яго кроў пральецца без таго, каб хутка не пачуўся прадсмяротны крык каго-небудзь з яго ворагаў.

— З ворагамі наперадзе і ззаду наша падарожжа будзе, як відаць, вельмі небяспечным.

— Небяспечным? — спакойна паўтарыў Сакалінае Вока. — Не, яно будзе не такім ужо небяспечным. Дзякуючы пільнаму слуху і востраму зроку мы можам перагнаць нягоднікаў на некалькі гадзін; а калі давядзецца звярнуцца за дапамогай да стрэльбы, то па крайняй меры трое з нас умеюць карыстацца ёю таксама-ж добра, як любы з тых, каго вы можаце сустрэць у гэтых месцах. Не, не; пра небяспеку няма чаго гаварыць, але, напэўна, давядзецца ісці фарсіраваным маршам, як сказалі-б вы; магчыма, здарыцца напад і сутычка або іншая забава ў гэтым родзе, але схавацца будзе ўсюды зручна, і баявыя прыпасы ў нас ёсць у дастатковай колькасці.

Магчыма, што паняцці Хейварда аб небяспецы некалькі адрозніваліся ад паняццяў разведчыка. Замест таго, каб адказаць паляўнічаму, ён сядзеў моўчкі, пакуль лодка плыла па вадзе. На досвітку