Старонка:Апошні з магікан.pdf/276

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Спадарожнікі выканалі яго загад, хоць прычына такіх незвычайных перасцярог была для іх невядомай. Калі яны спусціліся ў нізкую ўпадзіну, якая абкружала з трох бакоў земляны форт, то знайшлі яе амаль зусім заваленай руінамі. Дзякуючы асцярожнасці і цярпенню, ім удалося выбрацца ўслед за разведчыкам на пясчаны бераг Гарыкана.

— Гэта след, які можна выявіць толькі носам, — сказаў разведчык, азіраючыся на пройдзены цяжкі шлях. — Трава — здрадніцкі дыван для бегляцоў, а на дрэве і на камені не астаецца сляда макасінаў. Калі-б вы былі абутыя ў вашы ваенныя боты, можна было-б, бадай, трывожыцца; але ў абутку з аленяй скуры, вырабленай як належыць, чалавек можа спакойна адпраўляцца на горы. Падштурхні лодку бліжэй, Ункас; тут на пяску сляды вельмі прыкметныя. Цішэй, хлапец, цішэй; яна не павінна дакранацца да берагу, а то нягоднікі даведаюцца, якой дарогай мы пайшлі адсюль.

Малады чалавек асцярожна пад’ехаў да берагу; разведчык перакінуў на карму дошку, якая асталася ад руін крэпасці, і жэстам запрасіў афіцэраў у лодку. Пасля гэтага ўсё зноў было старанна прыведзена ў ранейшы беспарадак. Сакалінаму Воку ўдалося дабрацца да берасцянага чаўна, не пакінуўшы пасля сябе слядоў. Хейвард маўчаў, пакуль індзейцы, асцярожна грабучы вёсламі, не адплылі на некаторую адлегласць ад крэпасці пад шырокі цёмны цень, які падаў з гор на люстраную паверхню возера.