Старонка:Апошні з магікан.pdf/211

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ветлівасці і талентах непрыяцельскага камандзіра, але не даведаўшыся зусім пра тыя пытанні, дзеля высвятлення якіх ён з’явіўся ў яго палатку. Манкальм праводзіў яго да выхаду, зноў прапануючы каменданту форта прызначыць яму асабістае спатканне на раўніне паміж двума лагерамі.

Нарэшце, яны развіталіся. Дункан вярнуўся да перадавога паста французаў, зноў-такі ў суправаджэнні французскага афіцэра, адтуль ён зараз-жа рушыў назад у форт і адразу прайшоў у памяшканне свайго начальніка.


РАЗДЗЕЛ XVI

Хейвард засціг Мунро разам з Корай і Алісай. Аліса сядзела на каленях палкоўніка, перабіраючы сваімі пальчыкамі яго сівыя валасы; калі бацька прытворна хмурыў бровы на яе дзяцінства, яна ўціхамірвала напускны гнеў старога, ласкава дакранаючыся пунсовымі губкамі да яго маршчыністага ілба. Кора сядзела побач; са спакойнай усмешкай глядзела яна на гэтую сцэну, сочачы за капрызнымі рухамі сваёй малодшай сястры з той мацярынскай пяшчотнасцю, якая была характэрнай рысай яе любові да Алісы. Не толькі небяспека, якая нядаўна была перажыта маладымі дзяўчатамі, але і ўсё, што пагражала ім у будучым, здавалася, было забыта ў часе гэтай пяшчотнай сямейнай сцэны. Маладыя дзяўчаты забыліся на свае небяспекі, а ветэран — на свае клопаты, нібы ўсе спяшаліся нацешыцца кароткімі хвілінамі перамір’я, спакою і бяспекі. Дункан, які,