Старонка:Апошні з магікан.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Баюся, што вы, ваша прэвасхадзіцельства, былі ашуканы адносна крэпасці Уільям-Генры і колькасці яе гарнізона.

— Я стаю не перад Квебекам. Перада мною — толькі земляныя ўмацаванні ды дзве тысячы трыста храбрых воінаў, — пачуўся лаканічны адказ.

— Вядома, нас акружаюць земляныя валы, і форт не размешчаны на скалах мыса Даймонд, але ён узвышаецца на беразе, які аказаўся такім гібельным для барона Діскау і яго атрада. А на адлегласці кароткага пераходу ад нашых умацаванняў знаходзіцца моцнае войска, якое мы лічым часткай нашых сродкаў абароны.

— Шэсць або восем тысяч чалавек! — запярэчыў Манкальм, як відаць з поўным раўнадушшам. — Кіраўнік гэтых сіл лічыць, што яго салдаты знаходзяцца ў большай бяспецы за сценамі форта Эдуард, чым у адкрытым полі.

Цяпер Хейвард у сваю чаргу закусіў губу, з прыкрасцю пачуўшы, як спакойна сказаў генерал пра атрад, значнасць якога малады чалавек наўмысля пераўвялічыў. Абодва памаўчалі ў раздум’і. Нарэшце, Манкальм аднавіў гутарку, і зноў у такіх выразах, якія даводзілі, што ён лічыць, быццам Хейвард з’явіўся да яго з адзінай мэтай перагаварыць наконт умоў здачы крэпасці; Хейвард-жа асцярожна стараўся дазнацца ад генерала, якія адкрыцці зрабіў ён, перахапіўшы пісьмо Вэба. Аднак, хітрыя выкруты з таго і другога боку не далі ніякіх вынікаў, і пасля працяглай і бясплоднай гутаркі Дункан развітаўся з маркізам, выносячы з сабою прыемныя ўспаміны аб