Старонка:Апошні з магікан.pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

да гэтых верхавін і потым адпусціць дрэўцы. Аднак, Магуа прыдумаў яшчэ больш жахлівую, больш бязлітасную помсту, якая абяцала яму асаблівую прыемнасць.

Пакуль яго таварышы перад вачыма палонных рыхтавалі гэтыя добра вядомыя прылады катаванняў, Хітрая Лісіца падышоў да Коры і са злосцю на твары паказаў ёй на чакаўшы яе немінучы лёс.

— Га, — прамовіў ён, — што скажа дачка Мунро? Яе галава вельмі прыгожая, каб ляжаць на падушцы ў вігваме Хітрай Лісіцы? А ці не хоча цёмнавалосая, каб гэтая галава скацілася са схілу ўзгорка і зрабілася цацкай для ваўкоў? Яна не можа калыхаць на сваіх грудзях дзяцей гурона; добра-ж: індзейцы будуць пляваць на яе.

— Што хоча сказаць гэтае агіднае стварэнне? — запытаў здзіўлены Хейвард.

— Нічога, — цвёрда адказала маладая дзяўчына. — Ён дзікун і не ведае, што робіць. Улічваючы яго няведанне, яму можна ўсё дараваць.

— Дараваць? — паўтарыў люты гурон, не зразумеўшы яе слоў. — О, не! Памяць індзейца даўжэйшая за рукі бледнатварых. Кажы, ці павінен я накіраваць белакурую дзяўчынку да яе бацькі? Ці пойдзеш ты за Магуа да вялікіх азёр, каб насіць для яго ваду і пячы яму хлеб?

Кора знакам загадала яму адыйсці: яе ахапіла пачуццё непераможнай агіды.

— Адыйдзі, — сказвала яна з цвёрдасцю, якая на момант перамагла бязлітаснага дзікуна, — ты нянавісцю напаўняеш мае апошнія хвіліны.