Старонка:Апошні з магікан.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

невыя плямы крыві на лісці і закрычаў нешта. Хейвард мог зразумець сэнс яго слоў толькі таму, што ён некалькі разоў паўтарыў імя «Доўгі карабін». Радасныя галасы гуронаў спыніліся; воін кінуў галлё на кучу, зваленую Дунканам перад уваходам у другую пячору, і такім чынам заваліў адтуліну, праз якую глядзеў маёр. Астатнія дзікуны рабілі тое-ж самае; выцягваючы галлё з пячоры разведчыка, яны кідалі яго на кучу галля сасафраса і, такім чынам, самі хавалі людзей, якіх шукалі.

Калі пад цяжарам новых куч галля коўдры падаліся, а галлё ад уласнага цяжару забілася ў шчыліны каменняў, утварыўшы шчыльны пласт, Дункан, уздыхнуўшы смялей, вярнуўся на сярэдзіну пячоры і спыніўся на сваім ранейшым месцы, з якога мог бачыць другі выхад, накіраваны да ракі. У той момант, калі ён адыходзіў ад кучы сасафраса, індзейцы, нібы падаючыся агульнаму імкненню, пакінулі праход паміж двума пячорамі, і цяпер было чуваць, як яны зноў пабеглі па востраву да тых каменняў, на якія нядаўна высадзіліся. Іх новы крык жалю даказаў, што яны зноў сабраліся каля цел сваіх забітых таварышоў.

Дункан адважыўся паглядзець на сваіх спадарожніц, бо на працягу небяспечных хвілін ён баяўся сваім устрывожаным тварам яшчэ больш напалохаць маладых дзяўчат.

— Яны пайшлі, Кора, — шапнуў ён. — Аліса, яны вярнуліся на тое месца, на якім з’явіліся ўпершыню, і мы выратаваны.