Старонка:Апошні з магікан.pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жахлівую трывогу. Чынгачгук у гордай позе сядзеў на абломку скалы; ён паклаў на камень нож і тамагаук, зняў з галавы арлінае пяро і прыгладжваў адзіны свой клок валасоў, нібы падрыхтоўваючы яго для апошняга і жахлівага прызначэння. Твар індзейца быў спакойным, хоць і задуменным; яго цёмныя, агнявыя вочы мала-па-малу гублялі ваяўнічы бляск і прымалі выраз безуважнасці і гатоўнасці да смерці.

— Я не веру, каб наша становішча было зусім безнадзейным, — паўтарыў Дункан, — кожную секунду можа падыйсці дапамога, і я не бачу ні аднаго ворага. Ім надакучыла барацьба, у часе якой яны падпадаюць вельмі вялікай небяспецы, не бачачы наперадзе дастатковай карысці.

— Можа цераз мінуту, цераз гадзіну гэтыя вужакі падпаўзуць да нас. У гэты самы момант яны здольны ляжаць і слухаць нас, — сказаў Сакалінае Вока. — Чынгачгук, — дадаў ён па-дэлаварску, — брат мой, мы з табой разам біліся ў апошні раз; цяпер макуас будзе радавацца пры думцы аб смерці мудрага магікана і яго белатварага друга.

— Няхай жонкі мінгаў плачуць над сваімі забітымі, — з непахіснай цвёрдасцю і гордасцю адказаў індзеец. — Вялікі Змей магікан скруціў свае кольцы ў іх вігвамах, атруціў іх пераможныя крыкі плачам і стогнамі дзяцей, бацькі якіх не вярнуліся дадому. З таго часу, як растаў апошні снег, целы адзінаццаці воінаў заснулі навек воддаль ад магіл сваіх прабацькоў, і ніхто не скажа, дзе яны загінулі, пасля таго, як язык Чынгачгука змоўкне навекі. Няхай аголяцца самыя вострыя