Старонка:Апошні з магікан.pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нажы макуасаў; няхай узнімуцца ў паветры іх самыя шпаркія тамагаукі, бо найвялікшы вораг мінгаў трапіў у іх рукі. Ункас, апошні парастак благароднага дрэва, клікні гэтых баязліўцаў, загадай ім паспяшацца.

— Яны шукаюць свайго памёршага супляменніка там, сярод рыб, — адказаў ціхі, мяккі голас маладога правадыра. — Гуроны плывуць разам са слізкімі вуграмі. Як спелыя плады, скідаюцца яны з галін дрэў, а магікане смяюцца.

— Ого! — прамармытаў Сакалінае Вока, які з вялікай увагай слухаў гутарку індзейцаў. — Бадай, іх насмешкі паскораць помсту макуасаў. Але я, белы без прымесі індзейскай крыві, а таму мне належыць памерці смерцю белага, гэта значыць без лаянкі на вуснах і без смутку ў сэрцы.

— Але навошта-ж паміраць? — сказала Кора, адступаючы ад скалы, да якой яе прыкавала пачуццё жаху. — Дарога вольная з усіх бакоў. Бяжыце ў лес і прасіце бога дапамагчы нам. Ідзіце, храбрыя людзі, мы і так ужо вельмі многім абавязаны вам і не павінны прымушаць вас падзяляць з намі наша няшчасце.

— Дрэнна вы, лэдзі, ведаеце хітрых іракезаў, калі думаеце, што яны не адрэзалі нам усіх шляхоў да адступлення ў лесе, — адказаў Сакалінае Вока і зараз-жа прастадушна дадаў: — Вядома, калі-б мы паплылі ўніз па рацэ, цячэнне хутка аднесла-б нас на адлегласць, не даступную ні для іх стрэлаў, ні для гукаў іх галасоў.

— Паспрабуйце-ж выратавацца плывучы, — ска-