Старонка:Апошні з магікан.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Між тым адважны гурон высунуў галаву з-за бартоў чаўна і, плывучы па цячэнню, узмахнуў у паветры рукой; з яго грудзей вылецеў пераможны кліч. З лесу яму адказалі выццё, смех і лютыя крыкі.

— Смейцеся, дзеці д’ябла, — прамармытаў разведчык, прысаджваючыся на выступ скалы, — самыя меткія стрэльбы, лепшыя тры стрэльбы ў гэтых лясах, цяпер не больш небяспечныя, чым рогі аленяў мінулага года!

— Што-ж цяпер рабіць? — запытаў Дункан. — Што з намі будзе?

Замест адказу, Сакалінае Вока толькі правёў пальцам вакол цемя, і гэты рух быў настолькі красамоўным, што ніхто з бачыўшых гэты жэст разведчыка не мог сумнявацца ў яго значэнні.

— Не, не, наша становішча не можа быць такім безнадзейным! — усклікнуў малады маёр. — Гуронаў яшчэ няма тут; у нас ёсць магчымасць умацаваць пячоры і перашкодзіць ім высадзіцца.

— А якімі сродкамі, запытаю я вас? — пачулася заўвага Сакалінага Вока. — Стрэламі Ункаса або слязмі дзяўчат? Не, не, вы маладыя, у вас ёсць сябры, багацце, і мне зразумела, што ў вашы гады цяжка паміраць. Але, — дадаў ён і перавёў позірк на магікан, — не будзем забывацца, што мы з вамі белыя; пакажам жыхарам гэтых лясоў, што кроў белых здольна ліцца таксама-ж лёгка, як і кроў чырвонаскурых, калі падыходзіць іх апошняя гадзіна.

Дункан паглядзеў у напрамку позірку разведчыка; паводзіны індзейцаў пацвердзілі яго самую