Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

думку пра інакшае вядзеньне гаспадаркі, вазьмі дай прачытай нам кніжачку пра чужы край, як там мужыкі вядуць хаджайства. А мы і ўхваціся за тую думку. Але-ж як тут прыступіцца. На ўсё, бач, трэба сродкі. Давай гэта мы абгаварваць ды распытваць, дык і даведаліся адкуль іх узяць і якім чынам на дарогу ўзьбіцца.

Вось мы і залажылі сельска-гаспадарчае таварыства. Злажыліся, і перш-на-перш адчынілі краму, каб замест таго, што пераплачваць розным гандляром, хаваць гэтую пераплату у сябе ды скарыстаць на палепшаньні ўсякія. А таксама і сваё што, калі выхадна, дык выгадней збыць. А тут нам горад дапамог — плугоў, барон, наогуль сіх-тых гаспадарскіх пралад напавер даў. Насеньня добрага дасталі. Ды нам параілі папару ня пускаць, а засяваць канюшынаю. Ось так гэта, памаленачку і пачалі ўзьбівацца на ногі.

З свайго таварыства мы і не разьбіралі ўсяго, а так згаварыліся — карыстацца за невялікую плату. Пры гэтым-жа ўтварылі комітэт узаемадапамогі. Тут таксама злажыліся, каб было пра чорны дзень. Мала што можа здарыцца. Але галоўным чынам мы даручылі комітэту наглядаць, каб ува ўсіх была аброблена і засеяна зямля. А дзеля гэтага ён вёў парадак — то таму, то другому загадае, каб каня даў, каб сам пашоў памог, — але больш за ўсё дык сам комітэт рабіў прыклад.