Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мікіты было якраз наадварот. Гарэла вялікая лямпа: сьвету хоць адбаўляй. Толькі шыбы вакон чорным сваім блескам нібы ўсьміхаліся з кампаніі, дзякуючы якой ня было ціха. Тут былі, бадай, усе сябры Мікіты і рабілі „важную справу“. На стале чаго ня было, а важней усяго выглядала вялікая пляшка з нечым мутным у сярэдзіне.

Спраўляўся баль.

— Трэба аддзячыць. Я ня люблю так, — ледзьве выгаворваў Мікола.

— Эт, глупства, чаму не аслабаніць, калі льга, — з відам важнага чалавека гаварыў Мікіта.

Мікола быў звольнены ад платы падатку, як сям’я чырвонаармейца. Зроблена было шыта-крыта. І козы сыты й сена цэла, здавалася ім.

Але раптам гэты баль быў стрывожаны. Вясельле кончылася не вясельлем.

Запыхаўшыся ўбег у хату стораж з воласьці і, як абухам, крануў галаву Мікіты, у якой усё ужо блыталася й блыталася.

— Нехта з павету прыехаў. Казаў, каб зараз-жа вы прышлі туды.

— Гэ, якога там чорта прыгнала, — гукнуў Мікіта. Але рука ўжо мацала на сьцяне, мусіць, шапкі ці чаго іншага.

— Мала ім дня. Ноччу трывожаць. — Вышаў Мікіта з хаты.

Праз колькі дзён дзівіўся Мікола, чаго Мікіта засядзеўся ў павеце й ня едзе дамоў.



1922г.