Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Прыходзіў Алесь, пуд мукі прынёс.

Мікіта ўжо ведаў у чым справа. Але ляпей ён уважаў самагон.

— Гэта ажыўляе чалавека. З гэтым усё льга зрабіць, — казаў Мікіта таму, хто з гэткім прашэньнем зьвяртаўся да яго.

Дзівіліся толькі Пятрусі, чаму гэта сын Міколы ня ў войску, а дома; чаму гэта Трахім косіць дзьве дзесяціны атавы, калі ў яго й свае пропасьць; чаму гэта ў воласьці больш бяруць за запісы ўсякія ды заявы, як у другіх валасьцёх. І шмат, гэтакіх „чаму“, як зданьні мінуўшчыны жудаснай, брадзілі між тых, што ў Мікіты былі „абадранцамі“.

— Я казаў, ня слухалі мяне, — папракаў часта Пятрусь, як чуў гэтыя „чаму“, а нарэшце дадаваў:

— Папраўляйма памылкі.

— Трэба папраўляць, чаго-б гэта не каштавала.

— Шкода толькі часу, што даводзіцца траціць на гэта, але трэба, — чуліся гэткія гутаркі ўсё мацней і мацней.

Забросьнена воласьць і чакала часу, каб змыць з сябе смурод.

— Узялі бо звах, — дапікаў часта Пятрусь, няхай паслужыць, няхай пазнае гэтага смаку. Вось вам і смак.

— Нічога: пасолім, будзе смачней, — жартаваў другі.

Быў вечар. На дварэ цямнютка й ціхутка. Нішто нідзе, здаецца, і ня шасьне. У хаце-ж