Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Праўду казаў Мікіта раней. Парадак пашоў зусім іншы. Перш за ўсё Мікіта, як член валаснога комітэту, адабраў сваю зямлю і — аддаў у арэнду.

— Я служу, я маю права — гэтак было ў Мікіты. Налёг Мікіта на парадак, што называецца.

— Аж тхнуць нельга, — ужо жаляцца бяднейшыя. А заможныя рады: „Мікіта — маладзец, усё зробіць“.

Робіць, праўда, што робіць. Няма чаго сказаць! Сваёю няцікаўнасьцю, сваёй бязуважнасьцю наклікалі бяду беднякі на сябе.

Пачалі распаўсюджвацца ўсякія чуткі, ўсёроўна, як гадзюкі вылазячы з-пад карчоў з сваім гідкім сыканьнем, з сваімі падвойнымі языкамі. І нельга ніяк дазнацца праўды. Нельга ніяк праканацца, бо што-ж, калі гэтак і ў воласьці казалі. Газэт-жа нідзе й почуту ня было, калі ня лічыць паху ад цыгарак, якія дыміліся ў губах задраўшага галаву Міколы й яшчэ некалькіх „сталых“.

Ды ўсё так рабілася, што Мікіта быў ня Мікіта.

— Што-ж я? Я-б усё зрабіў, але мне кажуць, дык мушу слухаць, — гэтак апраўдваў сябе Мікіта, калі хто-небудзь зьвяртаўся з якой-колечы просьбаю.

Але ня ўсім быў гэтакі адказ. Часта чулася ад Мікіты інакшае.

— А я зняю, гэта ты.

— Добра ўсё будзе зроблена.

Гэта было тады, калі Мікіту казала жонка: