Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

аж ад самае вясны. Прыехаў-жа ён восеньню. Вось усе і ўзяліся каля зямлі. Той у камісіі, той упаўнаважаны ад беднякоў, а той проста рабочым ходзіць за каморнікам і дапамагае разьмерваць. Думкі ўсёй беднаты былі пакіраваны ў гэты бок. К гэтаму-ж яшчэ далучылася і тое, што ні з воласьці, ні з павету ў гэты час ніхто не заглянуў у Прынёмне.

— Хутка, кажуць, перавыбары будуць. Трэба ўважна аднесьціся да іх. Штось Мікіта Шпэндзік ўзварушыся, — рупіўся Пятрусь.

— Трэба сваіх падтрымаць. Каб не праскочылі часам такія, што нам калы ў калёсы будуць устаўляць, — дакладваў Пятрусь.

— Эт, неяк і бяз нас абыйдзецца. Трэ, з зямлёю закончыць, — часта чуліся адказы.

Гэта ўсё было на руку Мікітам, Міколам і да іх падобным. Яны не драмалі.

— Вось тагды, брат, сваё вернем.

— Ня будуць гэтак нас драць.

— Мы пакажам ім смак, — гэтак казаў Мікіта Міколу, апавядаючы, што ўжо ўсе вёскі воласьці аб’ехаў і ўсюды пападгаворваў сваіх.

Выходзячы-ж да сялян, ён зусім інакшым тонам да іх гаварыў.

— Думаеце, мне шкода, што зямлі ў мяне аднялі? Зусім не. З мяне хваціць. Няхай робяць. Але адно — трэба, каб быў парадак.

На парадак больш як на што налягаў Мікіта. Кажучы пра яго, трэба было ведаць, аб якім парадку йшла гутарка. Яго твар зіяў, як