Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А час падыходзіў да восені. Пачалі хадзіць чуткі пра перавыбары.

— Цяпер будзе йначай, — казаў Мікіта, як прыяжджаў ад сваякоў.

Усюды падгаварваў і згаварваўся. Нават, у руку „абадранцаў“ пачынае трапляць. Нават, старшыня чагось з воласьці да яго колькі раз заехаў.

— Крыху лягчэй стала жыць. Выедзеш на кірмаш у мэстечка, усё-ж і дастанеш чаго хочаш, нават таней, як у коопэратыве.

Альбо:

— Зайдзі і ў мяне вазьмі каня паараць, потым памяркуемся, — раздабрэў Мікіта.

А Мікола ўжо ўсюды і ўсякаму трубіць, што Мікіта разумны чалавек, што будзе добры парадак весьці: кожны па чарзе будзе ў хурманкі ехаць, з падаткам ня будзе налягаць. Адным словам — Мікіта самы лепшы чалавек.

ІІ.

Здарылася так, як не павінна было здарыцца. Чалавек, дамагаючыся чаго аднаго, часамі не ўважае тых сетак, якія растаўляюцца наўкола з тых бакоў, адкуль і не чакае. Так і тут.

Прыехаў каморнік абводзіць межы разьмяркованых — быўшых панскіх — фальфаркаў. Кожнаму безьзямельніку й малазямельніку хацелася пэўнасьці, хацелася ведаць, дзе яго паласа, ці хутар, які даецца яму ў бястэрміновае карыстаньне. А чакалі гэтага каморніка