Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нейшых. Давядзецца-ж дастаць чаго з воласьці або павету — і тут Мікіта ня міне. Разьмяркоўваць на душы не згаджаецца, бо яму мала. У яго тры душы.

— Хто вам вінен, што ў вас многа душ, — казаў у гэткіх выпадках Мікіта.

Тут-жа ён, як казаў пра яго Мікола, „уводзіў у вушы“ пра падаткі, пра хурманкі, — што ўсё дзеецца горш, як бывала.

Бывала-ж яму было добра. У воласьці быў яго сябар, „сталы“ гаспадар. З ім Мікіта заўсёды „меркаваўся“.

Прашлі часы „меркаваньня“, насталі часы змаганьня. У гэтым змаганьні „абадранцы“ й „сталыя“, ня могуць меркавацца, бо гэта сьмерць для першых. Толькі памяркуйся, а „сталы“ з цябе й жылы выцягне.

Ня ўсе гэта разумелі. Мікіта карыстаўся.

— Вось бачыце, як прыдзе Апанас — кожны дзень загадвае аддаваць масла, а не — дык судом страшыць.

Дзе толькі льга было, Мікіта шпіляў і шпіляў. У яго руку казала яшчэ некалькі заможных. Відаць было, што яны ненарокам узьнялі свой голас, а прагліся ўсе справы захапіць у свае рукі, каб абцяць задоўгія рукі „абадранцаў“, як казаў Мікола Мікіту.

— Штосьці Мікіта разьезьдзіўся, — прыкмячаў Пятрусь.

І Мікіта езьдзіў. То па колёсы, то да сваякоў. Не глядзіць ні на пагоду, ні на час. Едзе й едзе.