Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

МІКІТА ШПЭНДЗІК.

— Жыцьця няма!.. Проста, тхнуць нельга ад іх, — скардзіўся Мікіта Шпэндзік свайму суседу Міколе.

— Хурманка трэба, да Мікіты загад, а як сенакосу, дык Мікіту і няма. Адно ім…

— Але! Ты кажаш, табе так, а мяне хіба ня гэтак папіхаюць? Мікола мае пару коняй, Мікола багаты, усюды Мікола.

— Няўжо-ж. Нехта вінен, што яны бедныя. Гультаі ўсе. Вось хоць-бы Пятрусь, толькі з вудаю і сядзіць на рэчцы.

Разжурыліся два суседы. Іх гора, іх бяда была аднакая. Чаму гэта іх, Мікіту і Міколу, „сталых“ гаспадароў, дзедзічаў, цяпер усюды папіхаюць? Чаму да іх няма даўнейшае павагі? Чаму Пятрусі ня йдуць больш да іх на работу, а лепш з вудаю сядзяць на рэчцы? Чаму Пятрусям і зямля і сенакос, а ім нічога акром, што тыдня ехаць у хурманкі? Многа крыўды.

— А ўсё затым, — трактуе Мікіта, — што, мы папусьціліся ім. У сяле старшынёю — хто? А ў воласьці — таксама. Кажуць-жа, Галетнік у камуністыя запісаўся, дык вось за іх цягне, каб з яго духі выцягнула…