Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну, што-ж цяпер… Лажэмся-чакайма.

— А добра будзе пану так гэта пстрычак надаваць.

— Ну, я, брат, і куксаля не пашкадую.

І кожны ўжо меркаваў, як будзе помставаць, спаганяць злосьць на пану. А некаторыя ня верылі, што Якім прыцягне пана.

— Вось на воласьць. Во там бадай, будзе цяжэй, як з панам.

— Заўтра я схаджу, ды так гэта крыху там разьнюхаю.

— А ў мяне там добра знаёмы пісец, вось хіба да яго даведацца.

Грамада гула ў цемры лясной. І здавалася не прашло й паўгадзіны, як не падалёку пачуўся знаёмы сьвіст Якіма. Грамада адазвалася і праз колькі хвілін распраўлялася з панам.

А праз дзень па вёсках пранеслася трывожна-радасная чутка, што хтось перабіў у воласьці ўсіх жандараў і чуць самой воласьці не спалілі, каб людзі не ўратавалі.

1922 г.