Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Усё роўна нам ня жыць у іхніх палацах.

— Ня ўмеем мы ў гэткіх пакоях.

— Няхай лепш дымам пойдуць.

— Ня будзем жыць мы, дык нашы-ж змогуць у іх жыць. Унь колькі ў нашай вёсцы хат адно-адно ліпіць. Дзьмухані мацней вецер і — рассыплюцца. А калі й ня жыць, няўжо яны нам ня згодзяцца?

— Дык што-ж патвойму, заставіць яго?

— Мо скажаш заставіць пана?

— Не, не, браткі. З панам я, я сам спраўлюся. Хочаце, яго жывога сюды прывалаку. Я знаю ўсе выхады там і ўходы.

— Э, выхваляйся, чулі мы ўжо ад цябе й раней.

— Ну, вось будзеце бачыць, калі праз паўгадзіны пан ня будзе тут. Толькі хто са мною: яшчэ са двух. А тагды — пасьля расправы з панам на другую ночь на жандараў у воласьці зрабіць напад.

— Эт, хлопцы, ня слухайце яго. Хадзем.

— Чакай, калі і паліць, то чаго-ж усёй грамадзе йсьці. Але калі ўжо так, то хай Якім з Рыгорам і Зьмітрам ідуць, а заўтра папробуем на воласьць.

— Дык хадзем, браткі, Рыгор і Зьмітрок.

— Хадзем.

Тры асобы зьніклі у гушчы лясной. Толькі патрэсквала суччо пад нагамі. Праз колькі хвілін і трэск ня быў чуцён.