Старонка:Апавяданьні (Адам Бабарэка).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ён рэдка быў дома. То ў горадзе, то ў воласьці, а цяпер пры палякох таксама дома ня бывае. Але сёньня матчын папрок (хоць іх ён і часта чуў, як бываў дома)… а ўрэшце апошнія словы: „дык бяры, а я й так перабуду“, у яго штось перавярнулі. Ён, ідучы да лесу, ўсё перадумаў, што казаў матцы, а матка яму. Але ў словах маткі ён не знашоў нараканьня на паноў, а толькі на самога сябе. У той-жа час адчуў, як ніколі: матчына каханьне да ўсіх такіх, як і сам. І вось у яго мігнулася думка старасьць матцы зрабіць радаснаю. Але-ж чым і як? Тут яму набегла на вум, што чуў ён у павеце ад сяброў, як хадзіў да іх за парадаю, што хутка бальшавікі прыдуць. А калі так, то наша будзе й гняздо, якое сёньня надумаліся спапяліць, — думалася Якіму. І гэта гняздо льга будзе перарабіць на што іншае. Хоць гэта іншае і не выяўлялася яму вачавіста. Але думалася, што з ім ён магчыме адплаціць і сваёй матцы і ўсім маткам. І вось адпала ахвота ў яго паліць.

— Браткі, што карысьці будзе нам, як мы спалім.

— Глядзі пра што загаварыў? А тое, што ня будзе яму больш дзе прыстаць.

— Дык і самога-ж разам з дваром.

— Паслухайце, браткі, мяне. Хутка прыдуць бальшавікі, і двор будзе наш. Дык нашто-ж нам нішчыць сваё добро.

— На чорта ён нам. Нам зямля трэба.