Старонка:Апаведаньня (1913).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Шкода їм стала калек. Вось адзін з їх вывалак на волю бутэльку, што коса пагледала з кішані у неба, і ну трактаваць лірнікаў.

Сьціхла песьня; замоўкла ліра. Конаўка піраходзіла то з рук сляпога ў рукі храмога, то на адварот, аж пакуль у ей асушылося дно.

— Ну, братцы! — адазваўся Паўлюсь, — цяпер рэжце лявоніху, хто з вас майстар. Каліж пагуляць, як ні сягоньня? —

Сьляпы хоць і добра дзюбнуў, але доўга не здаваўся на просьбы хлапцоў, а посьле махнуў рукой, бардзей закруціў корбу, залапатаў клявішамі і вясёлая лявоніха заступіла мейсцэ Лазара. Дзяцюкі не дрэмалі і пусьціліся скакаць, падхапіўшы с сабой храмога старца, што стаяў без работы у старане.

Той ні спрэчаўся. Трымаючыся за плячо Міхася, ён як конь круціў пакрыўленым задам і прытопываў шырокім, як заслонка, лапцем. Відаць было, што ён стараўся з усіх сіл. Яму хацелася так сама даказаць, што і ён нешта ўмее, асабліва тады, як выпье.

— Калісь я ня гэткія танцы ўваліваў на гульбішчах, — хваліўся ён, абціраючы выступіўшы на лбе пот.

Сьляпы, лупаючы патухшымі вачыма, бардзей завіхаўся круціць корбу, атбіваючы тахт нагой і радуючыся ў сэрцы, што хоць на астатку жыцьця, а трапілася гульнуць з добрымі людзьмі, што не пачураліся їх, бяздольных калек.