Старонка:Апаведаньня (1913).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вясковые астраномы.

Доктар з астраномам наважыліся раз на дзень-два пакінуць горад і сьцерці час у вёсцы.

Ведама, чаго шукалі, тоя знайшлі — дзьве гадзіны дарогі, і вёска Халадцы, як вырасла перад імі.

Ідучы вуліцай меж старых хат, яны бачылі, як агледалі іх праз вокны цікавыя бабы, і як маленькіе мурзатые дзеткі, шэпчучыся адзін з адным, перабегалі праз вуліцу — і прыгледаліся ім у вочы.

Як там што не было, але паном усё падабалося, бо яны гэта блізка што ў першыну бачылі. Доктар, выгадаваўшыся у багатых бацькоў, праўда чуў пра гора мужыкоў, але, не пазнаёміўшыся з іх жыцьцём бліжэй, мала ведаў аб іх. Гэдак сама і астраном. Давучыўшыся да сівых валасоў, а посьле вылічаючы як і калі будзе зацьменьне, дзе якіе плянэты і т. п., ня меў часу зірнуць у вёску і, каб ня шчыры яго прыяцель доктар, пэўне, што адзін не паткнуўся-б туды.

Вось нашы вучоные, агледзіўшы з большыны лес, поле, вярнуліся ізноў у вёску і зайшліся да селяніна Гапцуля папалуднаваць.

Доўга не прышлося чэкаць: гаспадынька заварушылася, затрэшчалі на прыпечку трэсачкі, і смачная яешня ў момэнт апынулася на стале.

Тыц-мыц, з верху троху паны пазьбіралі дый пакінулі. Яшчэ астраном, туды сюды, а доктар, як відаць, і рад-бы зьесьці, але баяўся, каб не зашкодзіла.