Старонка:Апаведаньня (1913).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Маруднасьць сядзельца грызла ўсіх, а больш маркоціўся шчыры прыхільнік бутэлькі, Міхась Чорнагуз.

Седзючы на возе нідалёчка ля дзьвярэй, ён з ніспакою дзесяты ўжо раз пірасьлібізаваў вывеску, піралічыў колькі было літэр на ей, і нарэшце пачаў лічыць дошкі у футраных дзьверах.

Толькі справіўся піралічыць у ваднэй палавіне і перайшоў да другой, аж бач яна са скрыпам адчынілася і апоўзлая хфігура сядзельца паказалася ў дзверах.

Як апарэны сарваўся з возу Міхась і пабег у манапольку, а за ім як авечкі і другіе. Дзьверы не зачыняліся. Адзін вылазіў, а на яго мейсцэ дзесяць старалася ўлезьці і сядзелец, хістаючыся з боку на бок, ледзьве упраўляўся піраймаць трудавыя капеечкі, выдаючы за їх уселякіх гатункаў бутэлькі.

Усе стараліся — і сядзелец і селяне. Было відаць, як кожны вылазіў з дзьвярэй упацеўшым, моцна сьціскаў у руках шкляннога шчупака і з давольным відам адыходзіў к возу. Тут ён аткурковываў бутэльку, стукаючы даланёй у дно, і папіваў з яе, задзёршы галаву.

Ажыўленьне расло. Селяне, пазьбіраўшыся гурткамі ля вазоў, віталіся, жычылі адзін аднаму лепшых варункаў у жыцьці, абнімаліся, а дзе дык і ва̀дзіліся. Недалёчка ад усяго гэтага сядзелі двое убогіх. Затаіўшы у сэрцы жуду, цярпліва сядзелі яны пад дуплявай бярозай і сьпевалі Лазара, падцінаючы на лірэ.

Але пабожнае настраеньне ад їх скора уцякло, як прыблізіліся да їх вясёлые, добра лыкнуўшые, малайцы.