Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Незадоўга да сачэльніка ссеклі ў лесе некалькі зусім маладзенькіх ёлак, нават маладзейшых і ніжэйшых ростам, як наша ёлачка, якая так хацела вырвацца з лесу. Ссечаныя дрэўцы былі вельмі прыгожанькія, і іх не ачышчалі ад галінак, а адразу клалі на воз і вывозілі з лесу.

— Куды-ж? - пытала ёлачка. - Яны-ж не вышэй ад мяне: адна нават куды меншая. І чаму на іх пакінулі галіны? Куды павезлі?

— А мы ведаем! Мы ведаем! - зачырыкалі вераб'і. — Мы бывалі ў горадзе і заглядвалі ў вокны! Мы ведаем, куды іх павезлі! Яны пападуць у такі гонар і славу, што лепей і не прыдумаеш! Мы заглядвалі ў вокны і бачылі: іх ставяць сярод цёплага пакою і ўпрыгожваюць цудоўнейшымі рэчамі - залачонымі арэхамі, мядовымі пранікамі, цацкамі і сотнямі свечак!

— А потым?- спытала ёлачка, дрыжучы галінкамі. — А потым, потым што?

— А больш мы нічога не бачылі! Але гэта было цудоўна!

— Можа стацца, і я траплю ў такую пашану! - радавалася ёлачка. — Гэта будзе лепей, як плаваць па моры. Ах, як я сумую ад нуды і нецярплівасці! Хоць-бы хутчэй зноў прышоў. сачэльнік. Цяпер і я такая самая высокая і раскідзістая, як тыя ёлачкі, што былі ссечаны летась. Ах, каб мяне ўжо палажылі на воз... Каб я ўжо стаяла ў цёплым пакоі, убраная ва ўсе гэтыя аздобы! А потым?.. Ды потым будзе што-небудзь яшчэ лепшае, яшчэ болей цудоўнае! Інакш навошта было-б так убіраць мяне? Вядома, будзе нешта яшчэ лепшае, яшчэ больш цудоўнае! Але што? Ох, як я сумую, якя хачу вырвацца адсюль! Сама не ведаю, што са мною.

— Радуйся з мяне! — гаварыла паветра.

— Радуйся з мяне! — казаў сонечны прамень. — Радуйся свайму маладому жыццю на волі!

Але яна зусім не радавалася, а толькі расла ды расла. І зіму і лета стаяла яна ў сваім цёмназялёным уборы, і ўсе гаварылі пра яе:

— Якое цудоўнае дрэўца!

А ў сачэльнік яе ссеклі першай. Глыбока ўрэзалася сякера ў яе цела; са стогнам упала ёлачка на зямлю. Яна адчула боль і слабасць. Яна зусім не магла думаць пра будучае