Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ах, каб я была такім-жа вялікім дрэвам, як іншыя, — уздыхала ёлачка, - я-б шырока раскінула свае галіны, высока падняла галаву, і мне было-б відаць далёка-далёка навакол! Птушкі вілі-б гнёзды ў маіх галінах, а я, калі крыху падзьме ветрык, ківала-б галавой таксама паважна, як іншыя!

Не цешылі яе ні сонца, ні птушкі, ні ружовыя воблакі, што праплывалі над ёю зранку і ўвечары.

Зімою па іскрыстаму беламу снегу вакол яе часта скакалі зайцы, а то які з іх возьме ды і пераскочыць прама праз ёлачку, — гэтакая крыўда! Але прайшлі дзве зімы, і на трэцюю ёлачка так падрасла, што зайцам прыходзілася абягаць навакол.

«Ах! хутчэй, хутчэй-бы вырасці, стаць вялікім, старым дрэвам - лепш за гэта нічога няма на свеце!" думала елачка.

Кожную восень у лесе з'яўляліся дрывасекі і секлі самыя буйныя дрэвы. Ёлачка кожны раз дрыжала ад страху: з-такім шумам і трэскам валіліся на зямлю вялікія цудоўныя дрэвы. Іх ачышчалі ад галля, і яны ляжалі такія голыя, доўгія, вузкія — проста не пазнаць! Потым іх клалі на вазы і кудысьці вывозілі з лесу. Куды? Навошта?

Увесну, калі прыляталі буслы і ластаўкі, Ёлачка пыталася ў іх:

— Вы не ведаеце, куды павезлі тыя дрэвы? Вы іх не бачылі?

Ластаўкі нічога не ведалі, але бусел аднаго разу задумаўся, матнуў галавой і сказаў:

— Здаецца! Калі я ляцеў сюды з Егіпта, то бачыў у моры многа новых караблёў з цудоўнымі мачтамі; па-мойму ад іх ішоў пах сасны і елі. І галовы яны задзіралі так высока — і не падыходзь!

— Ах, каб і мне хутчэй вырасці ды пусціцца ў мора! А якое яно, гэтае мора? На што падобнае?

— Ну, пра гэта доўга расказваць! — адказаў бусел і паляцеў.

— Радуйся сваёй маладосці!- казалі ёлачцы сонечныя праменні. — Радуйся свайму здароваму росту, сваім маладым сілам!

І вецер песціў ёлачку, і раса апырсквала яе слязьмі, але ёлачка нічога гэтага не цаніла.