Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

падаць яе залатыя нажніцы і кавалак шоўку і пашыла маленькі прыгожы мяшочак. У гэты мяшочак яна насыпала грэцкай крупы, ціханька прывязала яго на спіну прынцэсе. Потым пракалола ў мяшку дзірку, каб крупы патроху сыпаліся па дарозе, калі прынцэса паедзе да свайго салдата.

І вось ноччу з'явіўся сабака, пасадзіў прынцэсу сабе на спіну і панёс да салдата. А салдат ужо паспеў так палюбіць прынцэсу, што ад усёй душы хацеў ажаніцца з ёю. Ды і прынцам зрабіцца было-б нядрэнна.

Сабака бег шпарка, а крупа сыпалася з мяшочка па ўсёй дарозе ад мядзянага замка да дома салдата. Але сабака нічога не заўважыў.

На другі дзень кароль і каралева вышлі з палаца, паглядзелі на дарогу і адразу даведаліся, куды ездзіла прынцэса. Салдата схапілі і пасадзілі ў турму.

Доўга сядзеў салдат за кратамі. У турме было цёмна і нудна. І вось аднаго разу стражнік сказаў салдату:

— Заўтра цябе павесяць! .

Сумна стала салдату. Думаў ён, думаў, як ад смерці выратавацца, але нічога не мог прыдумаць. Сваё-ж цудоўнае крэсіва салдат забыўся дома!

Назаўтра раніцою салдат падышоў да маленькага акенца і стаў глядзець праз жалезныя краты на вуліцу. Народ натоўпам валіў за горад паглядзець, як будуць вешаць салдата. Білі барабаны, праходзіла войска. І вось міма самай турмы прабег нейкі хлапчук-шавец у скураным фартуху і пантофлях на босую нагу. Ён імчаўся ўпрыскок, і раптам адна пантофля зляцела ў яго з нагі і стукнулася прама ў сцяну турмы, каля таго акенца, дзе стаяў салдат.

— Эй, малойчык; не спяшайся!- крыкнуў салдат,— Я-ж яшчэ тут, а без мяне там нічога не выйдзе! А вось, калі ты збегаеш у мой дом ды прынясеш мне крэсіва, я табе дам цэлыя чатыры срэбныя манеткі. Ну, жыва! Бяры ногі ў рукі— і марш!

Хлапчук нічога не меў супроць таго, каб атрымаць чатыры срэбныя манеты. Ён стралой пусціўся па крэсіва, мігам прынёс яго, аддаў салдату і...

Вось паслухайце, што з гэтага вышла.