Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

аніяк не мог устрымацца, каб не пацалаваць яе,—на тое-ж ён і быў салдат, сапраўдны кавалер, ад галавы да пятак.

Потым сабака аднёс прынцэсу назад таксама, як і прынёс.

За ранішнім чаем прынцэса расказала каралю і каралеве, які яна ўначы бачыла дзіўны сон: нібы яна ехала вярхом на сабаку і нейкі салдат пацалаваў яе.

— Вось дык гісторыя! — сказала каралева.

Відаць, ёй гэты сон не вельмі спадабаўся.

На другую ноч да пасцелі прынцэсы прыставілі старую фрэйліну і загадалі разведаць, ці то быў сапраўдны сон, ці што іншае.

А салдату зноў да смерці захацелася ўбачыць красуню- прынцэсу. І вось уначы ў мядзяны замак, як і ўчора, з'явіўся сабака, схапіў прынцэсу і паімчаўся з ёй як мага. Тады старая фрэйліна надзела непрамакальныя боты і пусцілася наўздагон. Убачыўшы, што сабака з прынцэсай схаваўся ў адным вялікім доме, фрэйліна падумала: "Цяпер ужо мы знойдзем малойчыка!“ І яна нарысавала крэйдай на варотах дома вялікі крыж, а сама спакойна адправілася дадому спаць. Але дарэмна яна супакоілася: калі прышоў час несці прынцэсу назад, сабака ўбачыў на варотах крыж і зараз-жа здагадаўся, у чым тут справа. Ён узяў кавалак крэйды і панастаўляў крыжы на ўсіх варотах горада. Гэта было ўдала прыдумана: цяпер фрэйліна ніяк не магла-б знайсці патрэбныя вароты — усюды-ж стаялі такія самыя белыя крыжы.

Раніцою кароль з каралевай, старая фрэйліна і ўсе каралеўскія афіцэры пайшлі паглядзець, куды ездзіць прынцэса на сабаку па начах.

— Вось куды! - сказаў кароль, убачыўшы белы крыж на першых варотах.

— Не, вось куды! —сказала каралева, убачыўшы крыж на другіх варотах.

— А вунь і там крыж, і тут! - сказалі афіцэры.

І на якія-б яны вароты ні глядзелі, усюды былі белыя крыжы. Так і не дабіліся яны ніякага толку.

Але каралева была жанчына разумная, здольная на ўсе рукі, а не толькі ў карэтах раз'язджаць. Яна загадала слугам