Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/84

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Цяпер салдат зрабіўся сапраўдным панам. Яму расказалі пра ўсе цуды, якія былі ў гэтым горадзе. Расказалі і пра караля, у якога была прыгожая дачка прэнцэса.

— А як-бы мне пабачыць гэтую прынцэсу?—спытаў салдат.

— Ну, гэта не так ужо проста, - сказалі яму. —Прынцэса жыве ў вялікім медным замку, а вакол замка высокія сцены і каменныя вежы. Ніхто, апрача самога караля, не можа ні ўвайсці туды, ні выйсці адтуль, бо каралю прадказалі, што яго дачцы суджана стаць жонкай простага салдата. А каралю парадніцца з простым салдатам, вядома, не вельмі хочацца. Вось ён і трымае сваю прынцэсу зачыненай.

Пашкадаваў салдат, што нельга паглядзець на прынцэсу, але доўга гараваць не стаў. І без прынцэсы зажыў ён весела: хадзіў у тэатры, гуляў у каралеўскім садзе і раздаваў грошы бедным. Ён-жа ж сам добра ведаў, як дрэнна сядзець без гроша ў кішэні.

Ну, а калі ўжо салдат быў багаты, жыў весела і адзяваўся добра, то і прыяцеляў завялося многа. Усе называлі яго добрым хлопцам, сапраўдным панам, а гэта яму вельмі падабалася.

Вось траціў, траціў салдат грошы і бачыць аднойчы— засталося ў яго кішэні ўсяго толькі два грошы. І прышлося салдату перабрацца з добрых пакояў у цесную каморку, пад самым дахам. Успомніў ён ранейшыя часы: сам стаў чысціць сабе боты і зашываць на іх дзіркі. Ніхто з прыяцеляў болей не наведваў яго,—надта ўжо высока было цяпер падымацца да яго,

Раз неяк увечары сядзеў салдат у сваёй каморцы. Ужо зусім сцямнелася, а ў яго не было грошай нават на свечку. Тут ён і ўспомніў ведзьміна крэсіва. Дастаў салдат крэсіва і стаў высякаць агонь. Толькі ўдарыў ён па крэменю, як дзверы расчыніліся, і прыбёг сабака, з вачыма, нібы чайныя сподкі. Гэта быў той самы сабака, якога салдат бачыў у першым пакоі падзямелля.

— Што загадаеш, салдат?—спытаў сабака.

— Вось дык штука! — сказаў салдат. - Крэсіва-ж, выходзіць, не простае. Ці не выручыць яно мяне з бяды?