Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Я не вазьму з цябе ні граша!—сказала ведзьма.— Толькі прынясі ты мне старое крэсіва, якое забыла там унізе мая бабка, калі лазіла туды апошні раз.

— Ну, добра, перавязвай мяне вяроўкай!—сказаў салдат.

— Гатова — сказала ведзьма. — А вось табе мой клятчаты фартух.

І салдат палез на дрэва. Знайшоў ён дупло і спусціўся па ім у самы ніз. Як сказала ведзьма, так усё і вышла: глядзіць салдат — перад ім падземны ход. І светла там, як удзень - сотні соцень лямп гараць. Пайшоў салдат па гэтым падзямеллі. Ішоў, ішоў і дайшоў да самага канца. Далей ісці няма куды. Бачыць салдат— перад, ім трое дзвярэй. А ў дзвярах ключы тырчаць, Адчыніў салдат першыя дзверы і ўвайшоў у пакой. Сярод пакоя куфар стаіць, на куфры сабака сядзіць. Вочы ў яго нібы два чайныя сподкі. Глядзіць на салдата сабака і лыпае вачыма ў розныя бакі.

— Ну і страшыдла! - сказаў салдат, схапіў сабаку і мігам пасадзіў яго на вядзьмаркін фартух. Тут сабака прысмірэў, а салдат адчыніў куфар і давай адтуль грошы таскаць.

Набраў сабе поўныя кішэні мядзяных грошай, зачыніў куфар і зноў пасадзіў на яго сабаку, а сам пайшоў у другі пакой.

Праўду сказала ведзьма,-і ў гэтым пакоі на куфры сядзеў сабака. Вочы ў яго былі нібы млынавыя колы.

— Ну, чаго ты на мяне ўтаропіўся? Хоць-бы твае буркалы не выскачылі! - сказаў салдат, схапіў сабаку і пасадзіў на ведзьмін фартух, а сам хутчэй да куфра. У куфры срэбра паўнюсенька. Выкінуў салдат з кішэняў мядзяныя грошы, напхаў абодва кішэні і ранец срэбрам. Потым вышаў салдат ў трэці пакой. Увайшоў—і рот раззявіў. Ну і цуды! Сярод пакоя стаяў залаты куфар, а на куфры сядзела яшчэ больш жудаснае страшыдла. Вочы—ну, акурат як дзве вежы! І круціліся яны, нібы колы самай шпаркай карэты.

— Здароўя жадаю! - сказаў салдат і ўзяў пад казырок, нібы ён стаяў перад генералам. Але доўга глядзець ён не стаў. Схапіў сабаку ў ахапку, пасадзіў яго на ведзьмін фартух, а сам адчыніў куфар. Бацюхна колькі тут было золата! На гэтае золата можна было-б купіць