Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Усе жыхары краіны сабраліся ля палаца і заглядвалі ў вокны: усім хацелася бачыць, як каралеўна прымае жаніхоў.

А жаніхі ўваходзілі ў зал адзін за адным, і як хто войдзе, то язык у яго і адымецца.

— Не гадзіцца,- казала каралеўна, — Наступны!

Вось увайшоў старэйшы брат, які ведаў напамяць слоўнік. Але ён ужо пазабываў усё, пакуль стаяў у чарзе, а тут - паркет рыпучы, столь люстраная, так што бачыш сябе самога дагары нагамі, і ля кожнага акна па тры пісары, каб зараз-жа ціснуць. у газету ды прадаць за два скілінгі[1] на вуліцы. Проста жах! Да таго-ж печку ў зале так напалілі, што яна зрабілася чырвонай.

— Якая гарачыня тут! - сказаў жаніх.

— Бацьку майму захацелася засмажыць маладых пеўнікаў, - сказала каралеўна.

— Э-э...— сказаў жаніх і запнуўся: да такой размовы ён не падрыхтаваўся і не мог прыдумаць, што сказаць у адказ,— сказаць-жа трэба было нешта трапнае, дасціпнае. — Э-э...

— Не гадзіцца, — сказала каралеўна. — Вон!

І прышлося яму выйсці вон. Увайшоў другі брат.

— Надта горача тут, - сказаў ён.

— Так, мы сёння смажым маладых пеўнікаў, — сказала каралеўна.

— Я-ак? Я...- сказаў ён, і ўсе пісары запісалі: "Я-ак? Я..."

— Не гадзіцца, - сказала каралеўна.—Вон!

Наступны быў Ганс-Дурань. Ён заехаў на казле прама ў зал.

— Ну і спякота тут, — сказаў ён.

— Гэта я маладых пеўнікаў падсмажваю,- сказала: каралеўна.

— Вельмі добра, - сказаў Ганс-Дурань. — Тады і мне разам можна засмажыць маю варону?

— Чаму-ж не, - сказала каралеўна. — Але ў вас ёсць у чым смажыць? У мяне няма ні каструлькі, ні скавародкі.

— У мяне знойдзецца,—адказаў Ганс-Дурань.—Во пасудзіна, ды яшчэ з ручкай.

  1. Скілінг- даўнейшая дацкая дробная манета.