Старонка:Андэрсэн Выбраныя 1946 text.pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Не дасі каня—вазьму казла!- сказаў Ганс-Дурань.— Казёл мой уласны і пэўна давязе мяне.

І ён усеўся на казла вярхом, ткнуў яго ў бокі пяткамі і паімчаўся па дарозе як мага.

— Го-го! Сцеражыся! - крыкнуў ён і заспяваў на ўсё горла.

Браты-ж ехалі ды ехалі ціханька наперад, не гаворачы ні слова; ім трэба было добра абдумаць загадзя ўсе мудрагельскія словы, адрззу-ж яны ў галаву не прыдуць.

— Го-го! Сцеражыся! - закрычаў ім Ганс-Дурань. — Гляньце, што я па дарозе знайшоў.

І ён паказаў ім дохлую варону.

— Дурны! — сказалі яны. — Навошта яна табе?

— Я яе каралеўне падарую.

— Падаруй, падаруй! - засмяяліся яны і паехалі далей.

— Го-го! Сцеражыся! Гляньце, што я яшчэ знайшоў. Гэта не кожны дзень на дарозе валяецца.

Браты паглядзелі.

— Дурны! — сказалі яны. — Гэта-ж проста драўляны чаравік, ды яшчэ без перадка. Ты і яго каралеўне падаруеш?

— Абавязкова! — сказаў Ганс-Дурань.

Браты засмяяліся і паехалі наперад.

— Го-го! Сцеражыся! — зноў закрычаў Ганс-Дурань. - Чым далей - тым болей. Вось гэта дык знаходка!

— Ну, што ты там яшчэ знайшоў? - спыталі браты.

— О-о! — сказаў Ганс-Дурань.- Тут ужо і слоў не падбярэш. Вось дык абрадуецца каралеўна!

— Фу — сказалі браты. — Ды гэта-ж проста гразь з раўчака.

— Верна, — сказаў Ганс-Дурань, — найлепшага гатунку балота. На далоні не ўтрымаеш — так і паўзе.

І ён паклаў сабе гразі ў кішэні.

А браты імчаліся ад яго, як мага, прыехалі на цэлую гадзіну раней і спыніліся ля гарадской брамы, дзе жаніхам выдаваліся чарговыя нумаркі. Потым іх усіх выстраілі па шасці ў рад, ды так цесна, што ім і паварушыцца нельга было. І добра, што так, а то яны спаласавалі-б нажамі адзін аднаму спіны за тое, што адны апынуліся наперадзе ад другіх.